ДРЭВАРЭ́ЗАЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для мех. апрацоўкі натуральнай драўніны і драўняных матэрыялаў рэзаннем. Складаецца з рэзальнай часткі (робіцца са зносаўстойлівых інструментальных сталей, цвёрдых сплаваў, абразіўных матэрыялаў) і мацавальнага прыстасавання (для замацоўвання на дрэварэзальных станках або ўтрымлівання ў руках). Бывае ручны, механізаваны і станочны.

Ручны Д. і. — пілы (лучковыя, двухручныя, нажоўкі), стругі (рубанкі, фуганкі, цыклі), долаты, свердлы, ручныя дрылі, корбы, сякеры, стамескі, штыхелі і інш. З’яўляецца часткай сталярна-цяслярнага інструменту. Механізаваны Д. і. — ручны інструмент з ал., пнеўматычным і інш. прыводам (эл. і бензінавыя ланцуговыя пілы, пнеўма- і электрадрылі, электрарубанкі і інш.). Станочны Д. і. — пілы (у выглядзе палатна, стужкі, дыска, цыліндра, устанаўліваюцца на распіловачных станках); фрэзы (насадныя і канцавыя, суцэльныя, састаўныя і зборныя), нажы стругальныя, лушчыльныя і інш., разцы такарныя (на фрэзерных, стругальных, лушчыльных, рубільных, такарных станках); свердлы, зенкеры, долаты, а таксама цыліндры, дыскі, бясконцыя стужкі з абразіўнай шкуркай, паліравальныя барабаны з абразіўнай пастай (на свідравальных, даўбёжных, шліфавальных і паліравальных станках).

Літ.:

Грубе А.Э. Дереворежущие инструменты. 3 изд. М., 1971;

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.А.Барташэвіч.

Станочны дрэварэзальны інструмент: 1, 2 — круглая (дыскавая) і паласавая (рамная) пілы; 3 — нож для стругання; 4—6 — цэльная, зборная і канцавая фрэзы; 7 — нож для фасоннага фрэзеравання; 8 — свердзел; 9 — свердзел, скамбінаваны з зенкерам; 10 — ланцуговае долата.

т. 6, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)